Новости проекта
Отвечаем на ваши вопросы!
Важные моменты в Инструктивно-методическом письме
Новинка! Отчеты по ведению электронного журнала
Конкурс продолжается!
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 32 человека

Настаўніцкая газета

Дата: 17 октября 2016 в 12:07, Обновлено 17 октября 2016 в 13:57
Автор: Рагуля А. В.

Все материалы взяты с официального сайта газеты

Сайт газеты "Настаўніцкая газета"

 

 

Жыццё па ўласным выбары

Псіхалагічная дапамога падлетку ў крызіснай сітуацыі

Што рабіць, калі ў жыцці падлетка здарылася нешта страшнае: смерць, расставанне, цяжкая хвароба?.. Свет разбураецца, зямля знікае з-пад ног, навошта жыць далей? Лавіна пачуццяў і пытанняў накрывае з галавой, хочацца растаць у патоку сваіх слёз, пайсці куды-небудзь і вярнуцца, калі боль схіцне.

Своечасовая псіхалагічная дапамога, спагадлівыя адносіны да падлетка, які трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, дапамогуць пазбегнуць апошняй формы крызіснага рэагавання — суіцыду. Прапаноўваю вашай увазе сваю распрацоўку трэнінгавай праграмы для падлеткаў “Жыццё па ўласным выбары”, накіраванай на фарміраванне ў падлеткаў пазітыўнай адаптацыі да жыцця як працэсу свядомай пабудовы і дасягнення чалавекам адносна ўстойлівай раўнавагі ў адносінах з самім сабой, іншымі людзьмі і светам у цэлым.

***

Каб пазбегнуць магчымай тэрміналагічнай блытаніны, растлумачу, чым адрозніваецца крызіс ад гаравання. Крызіс — гэта момант, калі старыя мадэлі паводзін чалавека перастаюць працаваць, таму што ў яго здарылася новая сітуацыя, і ранейшая мадэль паводзін да гэтай новай сітуацыі ўжо не падыходзіць. Калі дашкольнік, напрыклад, ідзе ў першы клас — гэта крызісная сітуацыя, таму што мяняецца ўсё, і ён павінен навучыцца жыць інакш. Або калі дзіця ўваходзіць у падлеткавы ўзрост, які патрабуе ад яго новых задач і новых паводзін — гэта таксама крызісная сітуацыя. Далёка не заўсёды крызіс — гэта гараванне. Крызіс можа ста ць крыніцай болю, перажывання, нейкіх негатыўных эмоцый і пачуццяў, але гэта неабавязковая ўмова, таму што змена можа быць пазітыўнай і жаданай. Проста чалавек пастаўлены перад неабходнасцю вучыцца арганізоўваць сваё жыццё і свае паводзіны па-новаму.

Гора — гэта рэакцыя чалавека на страту аб’екта радасці, чагосьці або кагосьці важнага, каштоўнага і значнага. Часцей за ўсё гаворка ідзе, безумоўна, пра смерць блізкіх людзей, але гэта таксама можа быць і страта адносін, развод або расставанне з любімым чалавекам, сябрам, страта старых сэнсаў свайго існавання і г.д.

Паколькі гараванне — псіхалагічны працэс, то ў яго ёсць свае законы. Разгледзім пяць стратэгій працэсу гаравання паводле Мілера.

Стадыя шоку мае два этапы: першы этап — шок узнікае адразу, працягваецца прыблізна 2—3 дні. Другі этап — крызіс неадольнасці (адмаўленне) — узнікае адчуванне кволасці, уразлівасці (“Я без яго”). Калі гэты этап не пераадольваецца, на выхадзе з гэтай стадыі могуць выпрацавацца абаронныя паводзіны: паводле тыпу пазбягання (“Я не хачу пра гэта думаць”), паводле тыпу адмаўлення (“Я нічога не адчуваю”).

Стадыя смутку — можа доўжыцца на працягу паўгода.

Стадыя кампенсавання страты — магчыма праяўленне агрэсіі або ідэалізацыі аб’екта (або іх чаргаванне). Агрэсія ў дачыненні да значнага аб’екта страты. На гэтай стадыі магчымы рэцыдывы панікі, смутак, але паступова знешні свет прыадкрываецца.

Стадыя ідэнтыфікацыі з аб’ектам, з яго мэтамі і жаданнямі. Неўсвядомлена капіруюцца паводзіны значнага аб’екта, працягваецца распачатая ім дзейнасць.

Стадыя замяшчэння аб’екта. Кантакт з рэальнасцю аднаўляецца, з’яўляюцца новыя ўзаемасувязі са светам.

***

Мэта трэнінгу: умацаванне Я-канцэпцыі, самараскрыццё, самапазнанне, развіццё ўмення аналізаваць свае асобасныя якасці.

Напрамак работы: усведамленне падлеткам сваёй унікальнасці, узбагачэнне свядомасці пазітыўнымі, эмацыянальна афарбаванымі вобразамі асобы.

Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, флэш-трэнінгі “Два ваўкі”, “Прыпавесць пра цвікі”, “Прыпавесць пра чатыры свечкі”, рэлаксацыйная музыка, шырокафарматны друк методыкі “Дрэва”, правіл групы, набор эфірных масел, клубок каляровых нітак, смайлікі “ўсмешка”, двухбаковы скотч, каляровыя алоўкі, лісты паперы, пустая бутэлька, стыкеры, карткі з “Ты-выказваннямі”.

Агульны час: 8 тыдняў.

Частата сустрэч: 1 раз на 2 тыдні.

Працягласць заняткаў: 2 гадзіны.

Удзел іншых асоб: сацыяльны педагог, класны кіраўнік (куратар групы).

Заняткі № 1

Практыкаванне 1. Педагог-псіхолаг прагаворвае ўдзельнікам трэнінгу тэзісы тэарэтычнага блока, тлумачыць мэты і задачы работы, якая мае адбыцца.

Практыкаванне 2.

“Трэнінгавае імя”.

Удзельнікі трэнінгу выбіраюць імя, якое хацелі б насіць на гэтых занятках, афармляюць візітоўку і прымацоўваюць яе да адзення.

Практыкаванне 3.

“Групавая дамова”.

Псіхолаг: “Рада з усімі пазнаёміцца. Гэта наша група. Яе поспех або няўдача залежыць ад нас. Мы сабраліся разам у пошуках саміх сябе. Наш удзел павінен быць сумленным. Тое, што мы спадзяёмся набыць, — ісціна. Выказваючы нашы пачуцці, надзеі і мары, мы можам даведацца больш. Сяброўскія адносіны і самасвядомасць з’яўляюцца ўзнагародай. Мы будзем паважаць тайну кожнага ўдзельніка і не выносіць тое, што адбываецца ў групе, за яе межы. Усё, што мы бачым тут, усё, што мы гаворым, і ўсё, што мы чуем тут, давайце тут і пакінем”.

У групы ёсць правілы:

1. Даверлівы стыль зносін.

2. Зносіны па прынцыпе “тут і цяпер”.

3. Персаніфікацыя выказванняў.

4. Шчырасць у зносінах.

5. Канфідэнцыяльнасць усяго, што адбываецца ў групе.

6. Вызначэнне моцных бакоў асобы.

7. Недапушчальнасць непасрэдных ацэнак чалавека.

8. Як мага больш кантактаў і зносін з усімі ўдзельнікамі.

9. Актыўны ўдзел у тым, што адбываецца.

10. Павага да таго, хто гаворыць.

Правілы групы вывешваюцца на сцяну. Застаюцца даступнымі для ўсіх удзельнікаў на працягу ўсёй праграмы трэнінгу.

Практыкаванне 4.

“Сувязная нітка”.

Зараз у нас будзе магчымасць працягнуць знаёмства, даведацца пра кола інтарэсаў, захапленняў, асобасныя якасці кожнага. Удзельнік трэнінгу кідае іншаму ўдзельніку клубок, пры гэтым называе сваё імя і тры факты пра сябе. Хто атрымаў клубок, намотвае нітку на палец і кідае іншаму ўдзельніку. Я пачну з сябе. “Мяне завуць Кацярына, я працую ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Навагрудка, змагаюся за маральную і духоўную чысціню ва ўзаемаадносінах, вельмі люблю сваю работу”. Размотваць клубок будзем са словамі “Я хацела б пакінуць гэтаму клубку няўпэўненасць у сабе”.

Практыкаванне 5.

“Малюнак маёй сям’і”.

Малюнкі вывешваюцца на сцяну і абмяркоўваюцца. Задача педагога-псіхолага заключаецца ў раскрыцці праблемнага поля кожнага ўдзельніка. Падлеткі прагаворваюць:

праблемы, страты, канфлікты;

пачуцці і эмоцыі, якія яны адчувалі пры гэтым;

аналізуюць свае рэакцыі на тое, што адбываецца.

Педагог-псіхолаг тлумачыць, што любыя праяўленні агрэсіўных паводзін — гэта нармальная рэакцыя чалавека. Расказвае пра стадыі працэсу гаравання паводле Мілера, асаблівасці іх працякання.

Практыкаванне 6.

“Пісьмо”.

Педагог-псіхолаг просіць удзельнікаў запісаць на лісце паперы ўсё, чаго яны хацелі б дасягнуць на гэтай трэнінгавай праграме. Парадак запісу, даступнасць жаданага не мае значэння. Можна запісваць усё, што прыходзіць у галаву.

Пасля таго як усе закончаць пісаць, трэнер збірае паперкі і складвае ў загадзя падрыхтаваную пустую бутэльку. Закрываючы яе, паведамляе, што ў апошні дзень сустрэчы мы зможам вярнуцца да запісаў.

Практыкаванне 7.

“Рытуал развітання”.

Удзельнікі становяцца ў кола і кладуць рукі адно аднаму на плечы. Ветліва глядзяць адно на аднаго і гавораць: “Дзякуй, да сустрэчы” (можна канкрэтна сказаць: “Дзякуй за тое, што ты сёння шчыра расказаў пра сваю праблему”).

Заняткі № 2

Практыкаванне 1.

“Рытуал прывітання”.

Удзельнікі становяцца ў кола і кладуць рукі адно аднаму на плечы. Ветліва глядзяць адно на аднаго і гавораць: “Добры дзень, рада цябе сёння бачыць на занятках”.

Практыкаванне 2.

“Флэш-трэнінг “Прыпавесць пра цвікі”.

Псіхолаг: “У мітусні штодзённага жыцця мы часта крыўдзім самых блізкіх людзей, не заўважаючы гэтага. У парыве злосці не задумваемся пра свае словы і моцна ранім іх. Прапаноўваю прагледзець усходнюю прыпавесць пра цвікі”.

Удзельнікі праглядаюць флэш-трэнінг. Абмеркаванне вынікаў практыкавання кожным удзельнікам групы.

Практыкаванне 3.

“Я-выказванне” (паводле Гардона).

Псіхолаг: “Існуюць спосабы канструктыўных зносін, выкарыстоўваючы якія канфліктныя сітуацыі вырашаюцца менш балюча. Адным з іх з’яўляецца “Я-выказванне”, якое дазваляе гаварыць пра свае пачуцці ад першай асобы, паведамляць пра сябе, пра сваё перажыванне, не ацэньваючы іншага чалавека, чаго не дазваляюць зрабіць “Ты-выказванні”. Спосаб звароту да каго-небудзь з інфармацыяй пра яго самога, яго паводзіны, рысы характару і г.д., пры якім ствараецца ўражанне вашай слушнасці і няслушнасці іншага чалавека, выклікае злосць.

Вырашэнне канфліктаў без тых, хто прайграў, па ўзаемнай згодзе. Менавіта з дапамогай гэтых прынцыпаў Гардон вучыць пераадольваць бар’еры ў зносінах і вырашаць канфлікты, наладжваючы канструктыўны дыялог паміж абсалютна рознымі ўдзельнікамі: бацькамі, настаўнікамі, падлеткамі.

Давайце падзелімся на пары і паспрабуем “Ты-выказванні” перарабіць на “Я-выказванні”.

Напрыклад:

Замест — Ад тваёй музыкі галава ідзе кругам…

Гаворым — Мяне стамляе гучная музыка…

Вечна ты лезеш са сваімі парадамі…

У цябе пастаянны беспарадак у пакоі, як табе не сорамна…

Ты ніколі не ўлічваеш мае інтарэсы…

Ты надакучваеш мне сваімі пытаннямі…

Ды колькі разоў табе трэба паўтараць, што трэба прыбіраць за сабой свае рэчы…

Ты спецыяльна размаўляеш паралельна са мной, мяне перапыняючы…

Ты ніколі не робіш тое, чаго я хачу…

Ты заўсёды дзейнічаеш паводле свайго меркавання…

Ты заўсёды паводзіш сябе жахліва…”

Практыкаванне 4.

“Чалавек з закрытым тварам”.

Псіхолаг: “Працуем у парах. Будзем трэніраваць уменне перадаваць свой эмацыянальны стан, выкарыстоўваючы “Я-выказванні”. Аднаму ўдзельніку неабходна закрыць твар. Задача другога — прыкласці ўсе намаганні, каб партнёр адкрыў свой твар”.

Абмеркаванне вынікаў практыкавання кожным удзельнікам групы.

Практыкаванне 5.

“Рытуал развітання”.

Заняткі № 3

Практыкаванне 1.

“Рытуал прывітання”.

Практыкаванне 2.

“Флэш-трэнінг “Два ваўкі”.

Удзельнікі праглядаюць флэш-трэнінг, педагог-псіхолаг прагаворвае яго. Абмеркаванне вынікаў практыкавання кожным удзельнікам групы.

Практыкаванне 3. “Споведзь”.

Псіхолаг: “Выслухайце споведзь і падтрымайце равесніка. Дайце яму парады. “У мяне ў класе няма сяброў. Мне вельмі цяжка. Часам я не магу стрымаць слёзы і плачу. Часам я выходжу з сябе і магу ўдарыць. У іх шмат агульных інтарэсаў. Я ім не патрэбны. Я не магу падысці да іх. Раптам падумаюць, што я навязваюся?”
Абмеркаванне вынікаў практыкавання кожным удзельнікам групы.

Практыкаванне 4.

“Ніхто не ведае”.

Псіхолаг: “Зараз мы будзем кідаць адно аднаму мяч, той, у каго апынецца мяч, завяршае фразу “Ніхто з вас не ведае, што я… (у мяне)…”.

Задача педагога-псіхолага ў тым, каб кожны паўдзельнічаў у практыкаванні.

Практыкаванне 5.

“Дрэва”.

Праектыўная методыка “Дрэва” Піпа Уілсана дазваляе вызначыць сучаснае чалавека, жаданы эмацыянальны стан і нават у нейкай ступені ўсвядоміць сваё становішча ў грамадстве.

Псіхолаг: “На нашым дрэве паказаны чалавечкі, у кожнага з якіх — розны настрой, і яны займаюць рознае становішча. Звярніце ўвагу, што кожная галінка дрэва можа быць роўнай вашым дасягненням і поспехам.

Прапаноўваю вам, уважліва разгледзеўшы малюнак, чырвоным фламастарам абвесці чалавечка, які нагадвае вам сябе, падобны на вас, ваш настрой, ваша становішча. А потым, узяўшы зялёны фламастар, абвесці чалавечка, якім вы хацелі б быць і на месцы якога вы хацелі б знаходзіцца”.

Абмеркаванне вынікаў практыкавання.

Інтэрпрэтацыя:

Выбар пазіцыі №№ 1, 3, 6, 7 характарызуе ўстаноўку на пераадоленне перашкод.

Выбар пазіцыі №№ 2, 19, 18, 11, 12 характарызуе таварыскасць, сяброўскую падтрымку.

Выбар пазіцыі № 4 характарызуе ўстойлівасць становішча, жаданне дасягнуць поспехаў, не перадольваючы цяжкасці.

Выбар пазіцыі № 5 характарызуе стамляльнасць, агульную слабасць, невялікі запас сіл, сарамлівасць.

Выбар пазіцыі № 9 характарызуе матывацыю на забавы.

Выбар пазіцыі №№ 13, 21 характарызуе адхіленасць, замкнутасць, трывожнасць.

Выбар пазіцыі № 8 характарызуе адхіленасць ад вучэбнага працэсу, адыход у сябе.

Выбар пазіцыі №№ 10, 15 характарызуе камфортны стан, нармальную адаптацыю.

Выбар пазіцыі № 14 характарызуе крызісны стан, “падзенне ў прорву”.

Выбар пазіцыі № 20 характарызуе навучэнца з завышанай самаацэнкай, устаноўкай на лідарства.

Выбар пазіцыі № 16 не заўсёды разумеюць як пазіцыю “чалавечка, які нясе на сабе чалавечка” № 17, а схільны бачыць у ёй чалавека, якога падтрымлівае і абдымае другі № 17.

Абмеркаванне вынікаў практыкавання кожным удзельнікам групы.

Практыкаванне № 6.

“Дотык”.

Падчас правядзення трэнінгу педагог-псіхолаг звяртае ўвагу на дзяцей, якія замкнуты, перадаюць негатыўныя думкі і выказванні, а таксама па выніках дыягностыкі “Дрэва” займаюць пазіцыі №№ 5, 13, 21, 8, 14. Такія ўдзельнікі запрашаюцца ў кола, педагог-псіхолаг спрабуе зразумець праблему, усім астатнім прапаноўваецца па чарзе падыходзіць да іх дзяліцца часцінкай сваёй цеплыні (абняць, дакрануцца, пагладзіць, паляпаць па плячы, сказаць добрыя словы, выказаць падтрымку).

Практыкаванне 7.

“Рытуал развітання”.

Заняткі № 4

Практыкаванне 1.

“Рытуал прывітання”.

Практыкаванне 2.

“Каменьчык у чаравіку”.

Псіхолаг: “Прапаноўваю вам гульню, у якой мы выкарыстоўваем простую і зразумелую метафару, з дапамогай якой кожны чалавек можа расказаць пра свае цяжкасці, як толькі тыя ўзнікаюць. Можаце расказаць нам, што адбываецца, калі ў ваш чаравік трапляе каменьчык? Магчыма, гэты каменьчык спачатку не вельмі вам замінае, і вы пакідаеце ўсё як ёсць. Можа, нават здараецца так, што вы забываеце пра непрыемны каменьчык і кладзяцеся спаць, а раніцай надзяваеце чаравік, забыўшы выцягнуць з яго каменьчык. Але праз некаторы час вы заўважаеце, што назе становіцца балюча. Нарэшце гэты каменьчык успрымаецца як абломак цэлай скалы. Тады вы знімаеце абутак, вытрасаеце яго адтуль. Аднак на назе ўжо можа быць ранка, і маленькая праблема ўжо становіцца вялікай праблемай.

Калі мы злуёмся, нечым усхваляваны, бываем нечым заклапочаны, то спачатку гэта ўспрымаецца як маленькі каменьчык у чаравіку. Калі мы своечасова паклапоцімся пра тое, каб яго выцягнуць, то нага застанецца цэлай і здаровай. Калі ж не, то могуць узнікнуць праблемы. Таму заўсёды карысна як дарослым, так і дзецям гаварыць пра свае праблемы адразу, як толькі яны іх заўважаць. Калі вы скажаце нам: “У мяне каменьчык у чаравіку”, то ўсе мы будзем ведаць, што вам штосьці перашкаджае, і зможам пагаварыць пра гэта.

Я хачу, каб вы зараз добра падумалі, ці няма ў цяперашні момантч чагосьці такога, што перашкаджае вам, і мы зможам пагаварыць пра гэта. Няхай кожны па чарзе падумае і скажа: “У мяне няма каменьчыка ў чаравіку”, калі цяжкасцей у вас няма, або: “У мяне каменьчык у чаравіку” і растлумачыць, што яго зараз турбуе і трывожыць.

Практыкаванне 3.

“Пісьмо”.

Педагог-псіхолаг адкрывае бутэльку з запісамі, якія зрабілі ўдзельнікі трэнінгу на першых занятках. Абмеркаванне чаканых вынікаў з дасягнутымі кожным удзельнікам.

Практыкаванне 4.

“Малюнкі па крузе”.

Псіхолаг: “Вы добра папрацавалі, настаў час расслабіцца. Я раздам лісткі, на якіх папрашу ўверсе напісаць сваё імя. Па маім сігнале пачынайце маляваць свой партрэт. Як толькі скажу “Стоп!”, перадавайце лісток суседу справа”.

Абмеркаванне вынікаў практыкавання.

Практыкаванне 5.

“Флэш-трэнінг “Прыпавесць пра чатыры свечкі”.

Удзельнікі праглядаюць флэш-трэнінг, педагог-псіхолаг прагаворвае яго. Абмеркаванне вынікаў практыкавання кожным удзельнікам групы.

Практыкаванне 6.

“Рэлаксацыя “Падарожжа на воблачку”.

Псіхолаг: “Паважаныя ўдзельнікі трэнінгу, перад вамі стаяць эфірныя маслы. Нанясіце на запясці, мочкі вушэй той пах, які вам больш за ўсё падыходзіць, займіце зручнае становішча на крэсле і пастарайцеся расслабіцца. Два-тры разы глыбока ўдыхніце і выдыхніце…”

Пад музыку педагог-псіхолаг чытае рэлаксацыйны тэкст: “Я хачу запрасіць вас у падарожжа на воблаку. Скокніце на белае пушыстае воблака, падобнае да мяккай гары з пухнатых падушак. Адчуйце, як вашы ногі, рукі і спіна зручна размясціліся на гэтай вялікай воблачнай падушцы. Цяпер пачынаецца падарожжа. Ваша воблака павольна падымаецца ў сіняе неба. Адчуваеце, як вецер абвявае ваш твар? Тут, высока ў небе, усё спакойна і ціха. Воблачка зрабіла першы прыпынак “Чароўны лес”. Уявіце сабе, што вы ў лесе, дзе шмат дрэў, кустоў і разнастайных кветак. У самым гушчары стаіць белая каменная лаўка, прысядзем на яе… Прыслухайцеся да гукаў… Вы чуеце спевы птушак, шорах траў. Адчуйце пахі: пахне вільготная зямля, вецер даносіць пах хвой. Запомніце свае адчуванні. Гэтыя прыемныя пачуцці захапіце з сабой. Вы зноў садзіцеся на воблачка, і яно вязе вас далей…

Наступны прыпынак — “Ціхае возера”. Вы знаходзіцеся каля ціхага прыгожага возера. Чуваць толькі ваша дыханне і пляск вады. Сонца ярка свеціць, і гэта прымушае вас адчуваць сябе ўсё лепш і лепш. Вы адчуваеце, як сонечныя промні саграваюць вас, вы чуеце шчэбет птушак і стракатанне конікаў. Вы абсалютна спакойныя. Вы адчуваеце ўсім целам цяпло сонца. Вы адчуваеце сябе спакойнымі і шчаслівымі. Кожная клетачка вашага цела атрымлівае асалоду ад спакою. Вы адпачываеце. Вы падышлі да вады. Мяккія хвалі дакочваюцца да вашых ног, і вы адчуваеце прыемны халадок вады. Прыемнае адчуванне свежасці і бадзёрасці ахоплівае вас. Вы адчуваеце, як цела становіцца лёгкім, моцным і паслухмяным. Дыхаецца лёгка і свабодна. Высока ў небе вы бачыце птушку, якая лунае ў паветры. Гэта вялікі арол з гладкім і бліскучым пер’ем. Птушка свабодна лунае ў паветры, час ад часу яна павольна ўзмахвае крыламі. Вы чуеце гук крылаў, якія энергічна рассякаюць паветра. Запомніце гэтыя адчуванні. Воблачка прыляцела за вамі, садзіцеся на яго, вы леціце.

Наступная станцыя — “Сунічная паляна”. Спускайцеся. Уявіце сабе, што вы знаходзіцеся на лузе, побач з вамі яркая і сакавітая сунічная паляна, буйныя чырвоныя ягады, удыхніце гэты пах. Свеціць сонейка. Непасрэдна перад сабой вы бачыце цудоўнага матылька, які лётае з кветкі на кветку. Прасачыце за рухам яго крылаў, яны лёгкія і грацыёзныя. Цяпер няхай кожны ўявіць, што ён — матылёк, што ў яго прыгожыя і вялікія крылы. Адчуйце, як яны павольна і плаўна рухаюцца ўверх і ўніз. Атрымлівайце асалоду ад павольнага і плаўнага лунання ў паветры. А цяпер зірніце на рознакаляровы луг, над якім вы леціце. Паглядзіце, колькі ў ім яркіх кветак. Знайдзіце вачамі самую прыгожую кветку і паступова пачынайце набліжацца да яе, вазьміце з сабой кветку: яна поўная дабра, любові, цеплыні. Удыхніце яшчэ раз пах сваёй кветкі, адчуйце ўсё тое, што вам падарыла кветка: дабрыню, ласку, любоў, цеплыню. Запомніце ўсе гэтыя адчуванні.

Вось і прыляцела ваша воблачка. Вы леціце дадому. Вы прыляцелі, спускайцеся. На лік тры расплюшчвайце вочы і ўсміхніцеся, з добрым прыбыццём!”

Практыкаванне 7.

“Рытуал развітання”.

Кацярына КАРТАСАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце 
Навагрудскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, 
магістр псіхалагічных навук

 

 

 

Сайт газеты "Настаўніцкая газета"

Перажыць крызіс

Яшчэ раз аб прафілактыцы суіцыдальных паводзін падлеткаў

Кожны чалавек у сваім жыцці перажывае розныя па ступені і цяжкасці крызісныя станы. Непазбежна гэта для дзяцей і падлеткаў. Існуе толькі адна ўмова: дзіця перажывае свой крызісны стан па той мадэлі паводзін, якую бачыць з боку бацькоў. А гэта значыць, што эмацыянальныя рэакцыі, якія ён выдае ў крызісе, — дакладная копія эмоцый яго бацькоў або значных дарослых, якімі цалкам могуць ста ць шукальнікі смерці.

Каб пазбегнуць магчымай тэрміналагічнай блытаніны, растлумачу: крызісны стан часцей за ўсё ўзнікае раптоўна, пад уплывам моцнага афекту, стрэсавых падзей. Самагубствы не ўзнікаюць імпульсіўна, раптоўна, яны з’яўляюцца апошняй кропляй у чары адаптацыі. Гэта крайняя форма крызіснага рэагавання.

Суіцыд — гэта наўмыснае самапашкоджанне са смяротным канцом (пазбаўленне сябе жыцця). Суіцыдальныя паводзіны — гэта праяўленне суіцыдальнай актыўнасці, уключаюць у сябе суіцыдальныя замахі, спробы і праяўленні.

Да суіцыдальных замахаў адносяцца ўсе суіцыдальныя акты, якія не скончыліся смяротна па прычыне, якая не залежыць ад суіцыдэнта (напрыклад, своечасовая рэанімацыя).

Суіцыдальнымі спробамі лічацца дэманстратыўна-ўстановачныя дзеянні, пры якіх суіцыдэнт часцей за ўсё ведае пра бяспеку сродкаў самагубства, якія выкарыстоўвае. Аднак вышэйсказанае не зніжае патэнцыяльнай небяспекі такіх дзеянняў.

Да суіцыдальных праяўленняў адносяцца ўсе суіцыдальныя думкі, намёкі і выказванні, якія не суправаджаюцца якімі-небудзь дзеяннямі, накіраванымі на пазбаўленне сябе жыцця.

На жаль, у цяперашні час існуе шэраг канцэпцый і падыходаў, якія тлумачаць прыроду самагубстваў, але ўсё яшчэ няма адзінай тэорыі, якая б растлумачыла іх прыроду, не вызначаны дакладны тып падлетка, схільнага да суіцыдальных паводзін. Дзеці з добрых сем’яў схільныя да суіцыдальных настрояў не менш, чым падлеткі з нядобранадзейных сем’яў. Суіцыд здзяйсняюць не толькі тыя падлеткі, якія дрэнна вучацца і ні з кім не ладзяць, але і маладыя людзі, у якіх, здаецца, няма праблем ні ў школе, ні дома.

Вельмі важна зразумець, якія ж іменна жыццёвыя сітуацыі з’яўляюцца для падлеткаў цяжкімі, неадольнымі самастойна, а таксама садзейнічаць вырашэнню праблемы дзіцяці, адыходу ад той сітуацыі, у якой ён апынуўся.

Якія ж сітуацыі для нашых дзяцей з’яўляюцца крызіснымі, траўміруючымі, неадольнымі? Іх умоўна можна падзяліць на тры групы.

Першая — гэта сам падлеткавы ўзрост і асобасны крызіс 13 гадоў, які па праве лічыцца самым складаным у жыцці чалавека. Найбольшая колькасць здзейсненых самагубстваў фіксуецца ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Менавіта ў плоскасці падлеткавай аўдыторыі актуальнай з’яўляецца праблема алкагалізацыі, псіхаактыўных рэчываў, ужыванне якіх аслабляе матывацыйны кантроль над паводзінамі, абвастрае дэпрэсію, псіхозы і часта прыводзіць да крайняй меры рэагавання — суіцыду.

Изображение

Нярэдка сітуацыяй, якая траўміруе, з’яўляецца боязь крымінальнай адказнасці, іншага пакарання з боку бацькоў або ганьбы. Даволі высокі паказчык суіцыдальных спроб, замахаў, праяўленняў сярод маладых людзей, якія здзейснілі правапарушэнне або злачынства, сярод дзяўчат, якія вядуць ранняе палавое жыццё.

Да другой групы адносяцца няўдачы ў асабістым жыцці, перш за ўсё адносіны з процілеглым полам. Адзінота, нераздзеленае каханне, палавая няздольнасць, знявагі і прыніжэнні з боку равеснікаў. У якасці прыкладу можна прывесці выпадак Аляксея (13 гадоў). Ён вучыцца ў агульнаадукацыйнай і музычнай школе. Бацькі патрабуюць ад яго, каб паступіў у лепшую ВНУ. Паспяховасць у школе сярэдняя, узаемаадносіны з аднакласнікамі дрэнныя. У выніку — суіцыдальны замах.

Бацькам трэба беражліва адносіцца да ўнутранага свету падлетка, паважаць яго асобу, быць патрэбным свайму дзіцяці. Быць патрэбным — гэта значыць не толькі забяспечыць модным адзеннем і сучасным тэлефонам, даць самую лепшую адукацыю, засцерагчы сваімі рукамі ад усіх непрыемнасцей. Быць патрэбным — гэта значыць і раздзяліць з ім яго трывогу, дапамагчы яму самастойна перажыць няўдачы ў каханні, сум, сумненні, быць заўсёды настроеным на яго хвалю, ведаць яго сяброў, цікавасці і захапленні, не пакідаць без увагі зносіны ў інтэрнэце.

Да трэцяй групы адносяцца канфліктныя сямейныя ўзаемаадносіны, сямейнае насілле, матэрыяльна-бытавыя цяжкасці сям’і, вельмі часта развод бацькоў, сыход з сям’і значнага дарослага, хвароба, смерць блізкіх сваякоў (асабліва на працягу 1 года пасля страты).

Гэта жыццё, і мы не можам змяніць яго правілы, але нам па сілах праявіць спагадлівыя адносіны да падлетка, які трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, прайсці разам з ім усе этапы гаравання (паводле Мілера). Немагчыма перажыць гора, не перажыўшы боль.

Паколькі гараванне — псіхалагічны працэс, у яго ёсць свае законы, якія працякаюць незалежна ад таго, хочам мы гэтага ці не.

Разгледзім, як можна бацькам дапамагчы падлетку выбрацца з крызіснага стану і не трапіць у тупік суіцыдальных паводзін на прыкладзе, не далёкім для дарослых людзей і вельмі важным для падлеткаў — расставанне з любімым чалавекам.

Першай узнікае стадыя шоку. Яна доўжыцца прыкладна 2—3 дні і праяўляецца ў такіх адмаўленнях, як “Гэтага не можа быць”, “Гэта няпраўда”, “Ён не мог так зрабіць”. На гэтай стадыі неабходна з падлеткам гаварыць адкрыта і дакладна, не пакідаць падманлівых надзей “Ён да цябе вернецца”, “Ён пашкадуе пра свой учынак”.

Важна прад’явіць дакладны алгарытм дзеянняў, таму што ў вопыце падлетка пакуль яшчэ няма такой мадэлі паводзін, ён разгублены і не ведае, як сябе паводзіць.

Изображение

Калі гэты этап дзіця не пераадольвае, выпрацоўваюцца ахоўныя несапраўдныя паводзіны, маўляў, нічога не адбылося, я нічога не адчуваю. Гэта затрымліванне, і без дапамогі спецыялістаў з ім справіцца не атрымаецца.

Другая стадыя смутку доўжыцца да паўгода. Падлетку неабходна дазволіць плакаць, крычаць, упадаць у істэрыку, адкрыта выказваць негатыўныя пачуцці да крыніцы страты радасці. На гэтай стадыі яшчэ няма дакладнага разумення таго, што адбылося.

Важна быць патрэбным дзіцяці, таму што ў таго, хто сумуе, можа ўзнікнуць страх страціць значных блізкіх, у гэтым выпадку — бацькоў.

Пераходзім да трэцяй стадыі кампенсавання страты. Яна самая складаная. Доўжыцца ад 2 месяцаў да паўгода. Магчыма праяўленне агрэсіі, дэпрэсіі, асабліва ў выхадныя і святочныя дні, вячэрні час. Зноў жа важна растлумачыць, што праяўленне негатыўных пачуццяў у сітуацыі крызісу — гэта нармальна.

Выпадак з практыкі. Мама звярнулася па дапамогу да псіхолага. Дачка, малодшы школьнік, спіць, прачынаецца, крычыць. Раніцай пра тое, што адбывалася, памятае няясна. У выніку псіхалагічнай дапамогі высветлілася, што дзіцяці няма куды дзець сваю агрэсію: дома не прынята крычаць, размаўляць на павышаных тонах, ёй ніколі не чыталі страшных казак, дзіця цалкам ахоўвалася ад рэальнага жыцця бацькамі. Гэта няправільна. Дзіцячыя страхі павінны быць, і яны павінны быць перажыты, у адваротным выпадку будуць праяўляцца на несвядомым узроўні — у начных кашмарах, уяўленні.

На гэтай стадыі магчыма праяўленне ідэалізацыі, пачуцця віны. Ілюстраваць гэтае становішча можна наступнай сітуацыяй. Валерыя — студэнтка, выдатніца. Адзін з яе сяброў паўгода назад выкінуўся з акна. Пачуццё віны не дае ёй спакою, яна лічыць, што магла б яго выратаваць, калі б была больш уважлівай да яго. Пачала выдаваць суіцыдальныя праяўленні як адзіна магчымы спосаб выправіць сітуацыю і пазбавіцца ад пачуцця віны.

Гэтая стадыі самая складаная з усіх, таму што магчымы рэцыдывы панікі, глыбокая дэпрэсія, стрэсавае расстройства, а таксама крайняя форма крызіснага рэагавання — суіцыд. Гінуць базавыя ілюзіі. Падлетак разважае: “Свет несправядлівы. Чаму гэта адбылося менавіта са мной? Я раней думала, што кожны атрымлівае па заслугах. Гэта ўсё міф. Я добра вучуся, здзейсніла мноства дастойных учынкаў. І што ў выніку…”

Бацькам ненадакучліва і асцярожна трэба прагаварыць падлетку, што свет просты, няма чорнага і белага, усё, што мы робім, мы робім перш за ўсё для сябе, каб заставацца людзьмі.

Калі неабходна, акружыце дзіця сябрамі, блізкімі сваякамі, якія выклікаюць у яго пазітыўныя эмоцыі. Псіхолагі сцвярджаюць, што кожнаму з нас для камфортнага стану неабходна шэсць чалавек, з якімі можна адкрыта пагаварыць, выказаць свае пачуцці.

Завяршаецца трэцяя стадыя да канца першага года прыадкрыццём знешняга свету, прыняццем сітуацыі такой, якая яна ёсць. Калі гэта дасягнута дзіцем — вялікая ўдача.

Чацвёртая стадыя ідэнтыфікацыі з аб’ектам характарызуецца неўсвядомленым капіраваннем паводзін любімага чалавека. Калі вы заўважылі, што ваша дачка, якая нядаўна рассталася з хлопцам, які ўмеў іграць на гітары, запісалася на курсы “Навучанне ігры на гітары”, вас гэта не павінна пужаць. Вы ўжо ведаеце, што падлетак упэўнена праходзіць стадыі гаравання. У паводзінах дарослага чалавека — гэта сітуацыя, калі жонка працягвае пачатую справу мужа, дачка высаджвае ўвосень цюльпаны на тым жа месцы, дзе саджала іх маці, і г.д.

Пятая, завяршальная, стадыя замяшчэння аб’екта: кантакт з рэальнасцю аднаўляецца, з’яўляюцца новыя ўзаемасувязі са светам. Паколькі мы разглядалі крызісную сітуацыю расставання, дарэчы будзе сказаць, што новыя сапраўдныя адносіны ўзнікаюць у дарослых праз 1,5—2 гады пасля страты, у падлеткаў — крыху раней.

Кацярына КАРТАСАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце 
Навагрудскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, 
магістр псіхалагічных навук.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.